Дзень роднай мовы

21.02.2019

Дзень роднай мовы

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

У ДУА “Сярэдняй школы № 2 г. Полацка” раніца пачалася з таго, што вучні атрымлівалі ў холе 1-га паверха “Размоўнік для школьніка” у абмен на пераклад розных беларускіх слоў. Пасля на 3-м паверсе прайшло мерапрыемства “Знаўцы беларускай мовы” паміж 5-6 класамі. Удзельнікам каманд трэба было выконваць розныя заданні, якія паказалі валоданне вучнямі роднай мовы. Увесь час каманды падтрымлівалі іх сябры і аднакласнікі. Па выніках гульні першае месца атрымаў 5 “А” клас, другое – 5 “Б”, трэцяе – 6 клас.

Галоўным заклікам для вучняў у гэты дзень было тое, каб яны былі разам з тымі, хто думае пра будучыню сваёй Радзімы, размаўлялі па-беларуску. Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.